2 верасня 2022 года ў ліцэі для навучэнцаў 2-га курса прайшло выхаваўчае мерапрыемства «Славянскага слова ўзорная нітка…», прымеркаванае да XXIX Дня беларускага пісьменства. Выкладчык Казлова Іна Рыгораўна паведаміла ўдзельнікам мерапрыемства, што ў гэтым годзе Дзень беларускага пісьменства пройдзе 3 і 4 верасня ў горадзе Добрушы Гомельскай вобласці, вядомым з XVI стагоддзя. У ім былі заснаваныя першыя ў Беларусі папяровая фабрыка (1870) і фарфоравы завод, а знакамітым прадстаўніком Добрушскага края з¢яўляецца класік нацыянальнай літаратуры – пісьменнік, сцэнарыст і драматург Іван Шамякін.
Мерапрыемства ў форме падарожжа ў часе дазволіла звярнуцца да гістарычнай і культурнай спадчыны нашай краіны, прыгадаць імёны Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Васíля Ця́пінскага і Міко́лы Гусо́ўскага, Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, тых, хто зрабіў усё, каб беларускае слова жыло ў вяках, бо духоўнай каштоўнасцю кожнага народа з’яўляецца яго родная мова.
Выкладчык адзначыла, што сёлета мы адзначаем 140-годдзе з дня нараджэння нашых слынных класікаў нацыянальнай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. А ўдзельнікі мерапрыемства прачыталі вершы славутых песняроў: “О край родны, край прыгожы!” і “Спадчына”.
Іна Рыгораўна прачытала свой верш, прысвечаны матчынай мове.
Мая родная мова
У свеце шмат моў існуе,
І кожны народ сваёй ганарыцца.
Мілая сэрцу і родная мне,
Якая з часоў Скарыны іскрыцца.
І колькі б ні ганьбілі мову маю,
Яна для мяне святая спрадвеку.
У ёй адчуваю Радзіму сваю,
Блакітнасць азёр і шыр палеткаў.
Ад продкаў засталася ў спадчыну нам
Пявучая, звонкая, родная мова.
Няхай узнясецца насустрач вятрам
Адвечнае, моцнае, беларускае слова!