Дзень беларускага пісьменства традыцыйна святкуецца ў першую нядзелю верасня. У гэтым годзе свята прайшло 7 верасня ў адным са старажытных гарадоў Беларусі – Заслаўі. У аснову канцэпцыі свята пакладзена ідэя вывучэння і распаўсюджвання спадчыны беларускай пісьменнай культуры, пераемнасці духоўных традыцый Беларусі. Свята дае магчымасць сустрэцца з жывым беларускім словам, з гісторыяй і жыццём знакамітых дзеячаў Беларусі.
На працягу першага навучальнага тыдня ў ліцэі будаўнікоў праводзіліся пазакласныя мерапрыемствы, гутаркі, віктарыны, інфармацыйныя гадзіны, прысвечаныя Дню беларускага пісьменства. У бібліятэцы ліцэя працавала кніжная выстава «Праз смугу стагоддзяў дайшло да нас слова…».
Таксама загадчыцай бібліятэкі Сцепаньковай Т. І. была падрыхтавана і праведзена гутарка-віктарына «Ад мінулага ў сёння і ад сёння – у заўтра вядзе нас друкаванае слова». Навучэнцамбыло карысна даведацца пра асветнікаў і выдатных дзеячаў беларускай культуры Францыска Скарыну, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Кірыла Тураўскага, Ефрасінню Полацкую і інш.
Гутарку «Я родам з Беларусі»правялі выхавацелі ў інтэрнаце для навучэнцаў 2-га курса.
Віртуальнае падарожжа «Краіна мая – мая родная Беларусь» падрыхтавала выкладчык беларускай мовы і літаратуры Казлова І. Р. Яна разам з навучэнцамі групы ЭЦ-2 здзейсніла сапраўднае падарожжа па старажытных гарадах і архітэктурных помніках Беларусі. Нагадала пра славутыя імёны асветнікаў, паэтаў і пісьменнікаў, касманаўтаў, навукоўцаў і спарцменаў – выхадцаў з Беларусі.
Разам з рабятамі выкладчыца прайшла па цяжкіх дарогах вайны. Быў адзначаны значны ўклад беларускага народа ў агульную перамогу над ворагам. Спыніліся падарожнікі на прыпынку пад назвай «Дзяржаўныя сімвалы Беларусі», дзе яшчэ раз даведаліся пра герб, гімн і сцяг Рэспублікі Беларусь.
Праведзенае мерапрыемства спрыяла паглыбленню ведаў пра Беларусь, пра яе гісторыю і сучаснасць, садзейнічала выхаванню пачуцця гонару, павагі да гістарычнай і культурнай спадчыны беларускага народа, фарміраванню грамадзянска-патрыятычных і духоўна-маральных якасцяў навучэнцаў.